ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,

феадальная каралеўская (велікакняжацкая) гаспадарка ў ВКЛ у 1589—1796. Створана ў выніку пераўтварэння Гродзенскага староства ў дзярж. маёнтак, прыбыткі ад якога ішлі на ўтрыманне вял. князя, яго двара, дзярж. апарата, войска і інш. Мела асобнае адм.-гасп. кіраванне. У 1783 падзялялася на «губерні» (Азёрскую, Дамброўскую, Квасаўскую, Крынкаўскую, Сакольскую, Яноўскую), у склад якіх уваходзілі 49 ключоў, 24 фальваркі, 1 лентвойтаўства, 13 гарадоў і мястэчак, 368 вёсак і 5 пушчаў; нас. 42 380 чал. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) уладанні эканоміі перададзены, часткова прададзены прыватным асобам.

т. 5, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)